Жыхар Воршы 43-гадовы палітвязень Андрэй Рускіх, якога расейская паліцыя затрымала ў траўні 2022 года ў Санкт-Пецярбургу, будзе знаходіцца ў СІЗА № 2 Віцебска пакуль пройдуць следства і судовы разгляд ягонай крымінальнай справы. Улады вінавацяць Андрэя ў абразе Лукашэнкі (артыкул 368 КК Беларусі) і «распальванні варожасці» (артыкул 130 КК Беларусі), піша праваабарончая ініцыятыва «Віцебская Вясна».
1 сакавіка 2022 года Аршанскі міжраённы аддзел Следчага камітэта вынес пастанову аб прыцягненні Рускіх у якасці абвінавачанага па справе аб абразе Лукашэнкі. 7 красавіка з’явілася пастанова аб прыцягненні яго ў гэтай якасці ўжо па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса.
Затрыманы псіхолаг быў 28 траўня 2022 года на вакзале ў Санкт-Пецярбургу, куды прыехаў для сустрэчы са сваёй дзяўчынай. Яго адправілі пад варту. Але Андрэй віну не прызнаў і накіраваў хадайніцтва аб прадастаўленні яму часовага прытулку на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, аднак адказу не атрымаў.
20 снежня мінулага года Санкт-Пецярбургскі гарадскі суд пастанавіў экстрадаваць псіхолага ў Беларусь. Цяпер ён знаходзіцца ў віцебскім СІЗА.
Рускіх — псіхолаг-сэксолаг, псіхатэрапеўт, аўтар кнігі «Дакучлівыя думкі, страхі і ВСД. Як вярнуць паўнавартаснае жыццё». Да снежня 2021-га ён жыў у Воршы, а пасля пераехаў у расейскі горад Уладзімір.
Праваабарончая арганізацыя «Мемарыял» палічыла пазбаўленне Андрэя Рускіх свабоды незаконным і палітычна матываваным, накіраваным на ўтрыманне ўлады суб’ектамі ўладных паўнамоцтваў, а самога Рускіх — палітычным зняволеным.
Падтрымаць арыштаванага можна шляхам адпраўкі лістоў або паштовак на адрас: Віцебскі абласны следчы ізалятар № 2, вул. Гагарына 2, 210026, Віцебск, Рускіх Андрэю Уладзіміравічу.