Яшчэ 13 чалавек у Беларусі прызнаныя палітычнымі зняволенымі, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна». Сярод іх Андрэй Рускіх — псіхолаг, ураджэнец Воршы, які ў снежні 2021 году пераехаў у Расею.
Мужчыну затрымалі ў Санкт-Пецярбургу ў траўні 2022 году. Расея экстрадавала яго ў Беларусь нягледзячы на тое, што Камітэт па правах чалавека ААН рэкамендаваў Расеі ўстрымацца ад экстрадыцыі Рускіх да разгляду ягонай справы ў Камітэце па сутнасці.
Мужчына абвінавачваецца ў абразе Лукашэнкі (арт. 368 КК) і распальванні варожасці (арт. 130 КК).
Падтрымаць арыштаванага можна шляхам адпраўкі лістоў або паштовак на адрас: Віцебскі абласны следчы ізалятар № 2, вул. Гагарына 2, 210026, Віцебск, Рускіх Андрэю Уладзіміравічу.
Таксама палітвязнямі прызнаныя Віктар Савашэвіч, Аляксандр Сазонаў, Яўген Васілеўскі, Мікіта Карпенка, Максім Ярашэнка, Канстанцін Ханін, Андрэй Быкаў, Святлана Бычкоўская, Зміцер Лагуценка, Васіль Ермакоў, Павел Ракоца, Андрэй Шкляр.
На гэты момант у статусе палітвязня ў Беларусі знаходзіцца 1451 чалавек.