Яшчэ 18 траўня ў горадзе затрымалі мужчыну, які раней неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці. На аўтобусным прыпынку каля дома № 5 па вуліцы 60 год БССР аршанец убачыў чалавека ў вайсковай форме і, як напісана ў судовым рашэнні на расейскай мове «в нарушение порядка организации или проведения массовых мероприятий, установленного Законом Республики Беларусь от 30.12.1997 г. № 114-3 (в ред. от 24.05.2021) „О массовых мероприятиях в Республике Беларусь“, с целью публичного выражения своих общественно-политических настроений, принял участие в пикетировании, на проведение которого не было получено соответствующее разрешение Оршанского районного исполнительного комитета, что выразилось в том, что он выкрикивал лозунги Ж., С..»
У выніку чалавек у вайсковай форме данёс на аршанца ў міліцыю, і таго затрымалі. У судовым рашэнні напісана, што асуджаны нібыта быў у стане алкагольнага ап’янення. Што тычыцца заяўніка, дык той патэлефанаваў у міліцыю і паскардзіўся на чалавека, які выкрыквае лозунгі.
Цікава, што суд Воршы і Аршанскага раёну ў сваім дакумэнце гаворыць пра «ваенныя дзеянні», хаця беларуская прапаганда, следуючы расейскай, называе вайну Расеі супраць Украіны не «вайной», а так званай «спецыяльнай ваеннай аперацыяй».
Гаворка ў завуаляваных фармулёўках суду, верагодна, ідзе аб фразах «Слава Україні» і «Жыве Беларусь». Варта адзначыць, што яны лічацца патрыятычнымі ў сваіх краінах, аднак пры дыктатуры Лукашэнкі, асабліва пасля пратэстаў у Беларусі 2020 года і пашырэння вайны ва Украіне ў 2022, сілавікі канчаткова занялі бок Расеі і яе наратываў і пачалі пераслед за любыя праявы салідарнасці.
Цікава, што новыя пастановы, прынятыя пры дыктатуры, дазваляюць суддзям не «свяціць» сваё імя. У дадзеным рашэнні фігуруе суддзя «Д.», без указання сапраўдных імёнаў.