Каманда ІТ-спецыялістаў, якая стварыла адмысловы антываенны праект poteru.net, сабрала звесткі аб выхадцах з Беларусі і беларускіх грамадзянах, якія ваявалі ў складзе прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр» і рэгулярных расейскіх войскаў і загінулі ва Украіне.
У спіс уключылі і капітана Ігара Валачылава, які паходзіў з Балбасава. Ён удзельнічаў у вайне на баку Расеі, быў у складзе расейскіх рэгулярных войскаў. Але загінуў не ад рук украінскіх вайскоўцаў, якія бароняць сваю радзіму, а ад «сваіх», «вагнэраўцаў», што ішлі на Маскву маршам 24 чэрвеня.
Як паведамляў наш сайт, пахавалі Валачылава на гарадскіх могілках у Баліне пад Іванавым. Беларуса ўжо ўнеслі ў кнігу памяці Іванаўскай вобласці.
Пакуль у спісе 9 чалавек, звязаных з Беларуссю. Акрамя балбасаўца гэта нараджэнцы Кобрына, Берасця, Кастрычніцкага, Малога Стахава, Брагіна.