Сайт Orsha.eu аператыўна апавясціў чытачоў пра трагічную аварыю паміж вёскамі Пашына і Андрэеўшчына. На трасе Е95 сутыкнуліся мікрааўтобус і фура. Мікрааўтобус і фура ехалі ў папутным кірунку калі мікрааўтобус пачаў рабіць паварот. Вось пры гэтым манеўры і адбылося сутыкненне. У выніку аварыі загінуў 62-гадовы кіроўца мікрааўтобуса.
Як высветлілася, загінулы — шырока вядомы ў беларускім спорце чалавек. Гэта вядомы суддзя па аўтаспорце Канстанцін Раманоўскі, у мінулым яшчэ і сам вядомы аўтагоншчык. Чалавек, якога добра і даўно ведалі ў спартовай галіне краіны. Ягоная заўчасная і трагічная смерць сталася шокам для многіх аматараў спорту.
Бачына «Авторулевой» пералічыла некаторыя дасягненні Раманоўскага ў спорце. У 1979 годзе ён пачаў займацца аўтаспортам у ДТСААФ у Баравой пад Менскам, займаўся аўташматбор’ем, крыху пазней быў штурманам у Сяргея Аўчыннікава, Аляксандра Кадаценкі. Быў механікам зборнай БССР на чэмпіянатах СССР.
У 1985 годзе адкрыў першую секцыю па аўтаспорце, яго выхаванцы — Павел Папкоў, Юрый Дудараў, Уладзімір Бруханскі (першыя аўтакрасмэны Воршы), дзякуючы Канстанціну Ворша стала заўважным цэнтрам аўтамабільнага спорту.
Акрамя таго, Канстанцін Раманоўскі стаяў ля вытокаў нараджэння аўтакросу ў Рэспубліцы Беларусь. Апошнія гады быў суддзёй БАФ на аўтаспартовых спаборніцтвах.
Канстанціну Раманоўскаму было 62 гады.
Развітанне адбудзецца ў рытуальнай зале на вул. Флёрава, Ворша з 12 да 13 гадзін 3 траўня.