Улады суседняга з намі Горацкага раёна аб'явілі тры дні 2025 года «Днямі цвярозасці». 24 траўня, 1 чэрвеня і 1 верасня. У гэтыя даты з 12:00 да 24:00 немагчыма будзе набыць спіртное "ў сувязі з правядзеннем мерапрыемстваў, накіраваных на прапаганду (папулярызацыю) здаровага ладу жыцця, прафілактыку п'янства і алкагалізму, барацьбу з імі", - гаворыцца ў рашэнні райвыканкама.
А вось 13 чэрвеня з 00:00 да 24:00 продаж гарачыльных напояў абмяжуюць з-за выпускных вечароў.
Праўда, ёсць выключэнні: алкаголь можна будзе купіць для правядзення рытуальных абрадаў, вяселляў і юбілеяў, таксама яго будуць прадаваць установы грамадскага харчавання ў разліў.
Раней Orsha.eu паведамляў, што ў Шклоўскім раёне без бутэлечкі людзей пакінуць 24 і 31 траўня, 13 чэрвеня і 1 верасня.
Цікава, што пакуль такія «Дні цвярозасці» не аб'яўлены ў ніводным раёне Віцебскай вобласці.