Наш сайт працягвае падводзіць вынікі мінулага года. Надышоў час красавіка 2017 года. Менавіта ў гэты месяц Аляксандр Лукашэнка прыязджаў на Вялікдзень у Барань і вызначыўся сваёй ужо крылатай фразай пра тое, што "Аршанскі раён трэба падымаць з руінаў і попелу". Перад ягоным візітам на адной з бараньскіх вуліц упершыню за многія гады паклалі асфальт, а саму невялікую Барань наваднілі супрацоўнікі службы аховы прэзідэнта, якія, паводле сведчанняў мясцовых жыхароў, знаходзіліся ледзь не за кожным домам і кустом. Але, на дзіва, тэма прыезду Лукашэнкі, хоць і запомнілася, але не трапіла нават у топ-5 тэмаў, якія чыталі аршанцы на Orsha.eu у красавіку.
Самай папулярнай тэмай абсалютна нечакана стаў новы аўтобусны маршрут у горадзе. Транспартнікі заснавалі рэйс № 13 з чыгуначнага вакзалу да вуліцы Салянікава. Новы маршрут, які вядзе праз Мясакамбінат і Заходнюю амаль па ўсім горадзе, надзвычай зацікавіў аршанцаў. На нашым сайце яго прагледзелі 3550 унікальных карыстальнікаў.
Яшчэ адным "цвіком" красавіка-2017 стаў артыкул пра жыхара Лепеля, які прыехаў у Оршу і неверагодным чынам трапіў пад цягнік на галоўным вакзале. Толькі цуд уратаваў яго, у выніку мужчына атрымаў невялікую траўму нагі і адмовіўся ад шпіталізацыі. Цяпер герой артыкулу, напэўна, узгадвае пра здарэнне хіба з невясёлай усмешкай.
Аршанскі відэаблогер Аляксей Пархоменка залез на дах новага корпуса бальніцы ім.Сямашкі, які будуецца ў горадзе шмат гадоў і ніяк не можа дабудавацца. Фотаздымкі з наведвання блогерам даху гэтага будынка абляцелі бадай усю Оршу, на блог маладога чалавека пасля гэтага падпісаліся новыя людзі.
1-га красавіка ўвечары ў Чаромушках каля крамы "Івушка" адбылася аварыя. Пасля сутыкнення аўтамабіляў адзін з іх урэзаўся ў ходнік і атрымаў пашкоджанні. Пацярпелага чалавека забірала "хуткая дапамога".
Нарэшце, 7-га красавіка ў Оршы гарэла царква Раства Хрыстова, якая знаходзіцца непадалёк ад чыгуначнага вакзала. Карэспандэнт Orsha.eu адправіўся на месца здарэння і зрабіў аператыўныя здымкі, як выглядае царква неўзабаве пасля пажару.