Чэрвень — пара адпачынкаў. Па адпачынку аршанцы вельмі сумавалі, так што самай папулярнай тэмай на сайце стала тое, куды схадзіць і што паглядзець. Звыш 3,5 тысяч нашых чытачоў завіталі на старонку з артыкулам аб праграме святкаванняў Дня горада. Шмат людзей прывабіла і апублікаваная намі праграма “Купалля” ў Александрыі.
Здарылася ў чэрвені ў Оршы і нешта такое, што трапіла на мемы па ўсёй Беларусі. А менавіта — Аршанскае марозіва. На ўпакоўках марозіва было паказана з вялікай колькасцю арэхаў у шакаладнай глазуры, а насамрэч арэхаў было значна меней. Аршанцы адразу сталі жартаваць, што разыходжанні паміж этыкеткай і рэальнасцю такія ж самыя, як разыходжанні ў абяцаннях ураду і рэалізацыі праектаў.
Вялікую колькасць чытацкіх водгукаў сабраў матэрыял нашага сайту па падрыхтоўцы горада Дуброўна да фестывалю “Дажынкі”. Людзі актыўна праглядалі фотаздымкі і каментавалі, ці змянілася Дуброўна ў лепшы бок у параўнанні з тым, што было да пачатку будаўнічых работ.
У чэрвені ў Менску падчас падрыхтоўчага да параду заезду на Партызанскім праспекце танк збіў слуп. І трэба ж такому здарыцца, неўзабаве падобнае здарэнне адбылося і ў Оршы! Праўда, фігурантам яго стаў не танк, а легкавік, а вось слуп, як і ў сталічным выпадку, быў павалены.
Яшчэ адным артыкулам, які выклікаў каментары чытачоў і іх інтарэс, стаў матэрыял з Дубровенскага суда. Двое падсудных у залі пасяджэнняў адмовіліся ад ранейшых паказанняў па справе і заявілі пра маральны ціск з боку міліцыянтаў.