У жніўні 2017 года ў Оршы ў другі раз за год змяніўся кіраўнік выканкама. Ім стаў Аляксандр Пазняк, Леанід Пянькоўскі не справіўся з абавязкамі. Мы зрабілі адмысловы матэрыял, у якім паразважалі, чым запомніцца Пянькоўскі аршанцам.
У самым канцы ліпеня, як мы паведамлялі ў яго выніках, у Балбасаве ледзь не адбылося забойства. Мужчына, які з рэўнасці страляў у сваю каханку, быў урэшце злоўлены міліцыяй на пачатку жніўня. Аднак на дзіва інфармацыя пра затрыманне стралка не ўвайшла ў топ-5 тэмаў за жнівень. Наогул, гэты месяц стаў, верагодна, самым "чорным" за 2017 год. Ён адзначыўся цэлай гарой трупаў і падзей падобнага кшталту.
Трагедыяй скончылася гульня двух дзяцей на Заходняй. Адзін папрасіў другога патрымаць зброю, і ў выніку адбыўся стрэл. Былі апублікаваныя і фотаздымкі з месца здарэння. Адбылося забойства на Кургане Бессмяротнасці, на Дняпры знайшлі цела жанчыны, Следчы камітэт выпусціў афіцыйны рэліз па поваду падзення школьніцы з высоткі, а таксама былі апублікаваныя падрабязнасці забойства цвікадзёрам у раёне Мясакамбіната гадавой даўніны. Тады цела выносілі ў дыване.
Адно са здарэнняў ледзь не прывяло да смерці. Сярод белага дня на Раніцы адбылася панажоўшчына. На шчасце, супрацоўнікі міліцыі вельмі хутка затрымалі злачынцу.
Праз Оршу пачала рухацца вайсковая тэхніка, у самым разгары была падрыхтоўка да вучэнняў "Захад-2017". Мы апублікавалі відэа руху расейскай вайсковай тэхнікі.
Акрамя таго,у жніўні ў нашым горадзе затрымалі мужчыну, які чапляўся да малалетніх дзяцей.