У падвядзенні вынікаў 2017 года мы дабраліся да восені. У верасні знакавых падзей было меней, чым у пару папярэдніх месяцаў, але тым не менш, пісаць было пра што.
3-га верасня п'яны кіроўца ўехаў наўпрост у новую краму ў раёне "Раніца". Ды так, што ўваход у краму аднаўлялі некалькі дзён. Потым высветлілася, што 27-гадовы кіроўца "Фольксвагена" нават не меў права сядаць за стырно, бо ў яго не было правоў.
На Паркавай працягвалі будаваць гандлёвы цэнтр, з-за якога перанеслі вышкі ЛЭП. Быў агучаны план дабудаваць цэнтр да канца года, які, аднак, так і не быў выкананы.
Некалькі гандлёвых аб'ектаў на аршанскім рынку праверылі супрацоўнікі Віцебскай мытні. У двух з іх быў знойдзены незарэгістраваны тавар, а менавіта мужчынскае і дзіцячае адзенне без належных дакументаў. У прадаўцоў адсутнічалі дакументы пра бяспеку тавару і яго якасць, а таксама чэкі на іх набыццё і дазвол на рэалізацыю.
У Віцебску на адмысловай нарадзе, прысвечанай адукацыі, былі жорстка раскрытыкаваныя гімназіі Оршы і Барані. Яны апынуліся пад пагрозай пазбаўлення свайго статусу. Праўда, з таго часу гэтае пытанне пакуль не падымалася.
Расейская вайсковая паліцыя была заўважана ў нашым горадзе, натуральна, гэта выклікала негатыўную рэакцыю пільных грамадзян, якія з'яўляюцца патрыётамі сваёй краіны. Аднак, на шчасце, расейскія войскі спакойна і арганізавана пакінулі нашу зямлю пасля завяршэння вайсковых вучэнняў "Захад-2017".
Нашы фотакарэспандэнты ў верасні парадавалі вялікай фотагалерэяй з занядбанага завода ЖБВ. У гісторыі горада назаўсёды застануцца здымкі калісьці паспяховага прадпрыемства, якое знішчылі нядбайныя кіраўнікі.