Вулічныя пратэсты ў Оршы — вялікая рэдкасць. У 21 стагоддзі акцыі пратэсту ў колькасці каля ста чалавек больш-меньш рэгулярна праходзілі ў 2001-2002 годзе. Потым доўгі час публічных акцый не было. Таму акцыя, якая прайшла 12 сакавіка 2017 года здзівіла і запомнілася многім. Прайшоў год пасля таго як каля тысячы аршанцаў выйшлі выказацца супраць так званага падатку на дармаедства. Што прынесла тая акцыя?
Нагадаем, што 12 сакавіка 2017 аршанцы сабраліся калі універмага. Журналісты ацэньвалі, што пратэст сабраў ад 1000 да 1.500 чалавек. Пры гэтым улады, як і ў іншых гарадах, не надта перашкаджалі людзям — на самой плошчы людзей не было. Усе сілавыя акцыі, якія мусілі перашкодзіць пратэсту, праводзіліся незаўважна для большасці людзей. Так, за некалькі дзён да пратэсту ў Оршы адбыўся вобшук і канфіскацыя абсталявання на адным з офісаў дэмакратаў на Задняпроўі. За некалькі гадзін да прызначанага часу ў Оршы распачаліся, прынамсі, два вобшукі. Каля дамоў некаторых актывістаў дзяжурыла міліцыя. Гукаўзмацняльнае абсталяванне было затрымана на падыходзе да плошчы. Некалькі журналістаў, якія прыехалі з іншых гарадоў былі затрыманы на аршанскім вакзале. Адзіная перашкода на самой плошчы — запушчаная праз гукаўзмацняльнікі "танная" расейская поп-музыка. Не зважаючы на такія перашкоды, людзі сабраліся на плошчы, пачаліся выступы. Музыка перашкаджала чуць выступоўцаў, і тады людзей заклікалі ісці да выканкама, каб гаварыць без перашкодаў ды перадаць адпаведную петыцыю, якая тут жа была створана. Адразу пасля акцыі пратэсту пачаліся новыя затрыманні. Некаторыя з тых, хто выступаў, былі асуджаны на суткі арышту.
Аршанскія пратэсты сталі аднымі з самых масавых па краіне. А калі падлічыць колькасць удзельнікаў ад колькасці насельніцтва ў раёне, то ў Оршы на пратэст выйшла каля 1% жыхароў, што значна больш чым у іншых гарадах краіны. Дзякуючы сваёй масавасці, пратэсты прывялі да шэрагу вынікаў акрамя арыштаў і рэпрэсій. Ужо праз некаторы час, прэзідэнт заявіў пра неабходнасць пад'ёму Оршы "з руінаў і попелу". Па-сутнасці, увесь год і прайшоў пад знакам "пад'ёму з руінаў і попелу". Пад канец года была прынята адпаведная праграма, якая ўжо пачала работаць. Петыцыя, якую перадалі пратэстуючыя чыноўнікам, таксама запрацавала — адно з патрабаванняў петыцыі было пачаць перамовы з дэмакратамі. Тады перамоваў на ўзроўні рэгіёнаў патрабавалі ў многіх гарадах. Часцяком усе перамовы спыняліся ўжо пасля першага паседжання. У Оршы і ў гэтым сэнсе сітуацыя лепшая — ўжо год дыялог паміж уладамі і дэмакратамі ідзе з рэгулярнымі паседжаннямі па розных тэмах. Таксама аршанцы ўпершыню перамаглі ў нацыянальнай прэміі "Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці". Некалькі разоў у спіс прэміі патраплялі аршанскія грамадскія арганізацыі, але ўпершыню былі ўзнагароджаны. Арганізатарамі прэміі былі адзначаны менавіта пратэсты ў намінацыі "рэгіянальная падзея года". Цяпер копію дыплома можа атрымаць любы ўдзельнік тых пратэстаў.
Калі падсумоўваць, то адзіны негатыўны вынік пратэстаў — рэпрэсіі, пад якія трапілі пераважна грамадскія актывісты, якія і без таго ў нашай краіне пад пастаянным прэсінгам сілавікоў. Ды і потым праблемы актывістаў былі кампенсаваныя перамогаў у "Чэмпіёнах". А з пазітыўных — гэта і безпрэцэндэнтны дыялог і прынятая, нарэшце, праграма "пад'ёму з руінаў і попелу". Праўда, ці прынясуць карысць дыялог і праграма пакуль пытанне — пакуль сур'ёзных вынікаў яны не прынеслі, хауця сама іх наяўнасць ужо можа лічыцца пазітыўнай з'явай.