Удзельнікам адзіночнага пікету, які прайшоў у цэнтры горада 14 мая аказаўся малады 28-гадовы Раман. На сустрэчы з аўтарамі нашага сайту ён патлумачыў свой учанак, як "акцыю адчаю". Па яго словах, у свой час ён быў вымушаны звольніцца з працы, бо давялося даглядаць хворую бабулю. Спрабаваў зрабіць сваю справу, нават, закупіў дарагую апаратуру, але па аб'ектыўных прычынах справа не ўдалася. Цяпер яму даводзіцца прадаваць тое абсталяванне, каб, хаця б, аплаціць камуналку. Пры гэтым хлуслівыя словы з тэлеэкранаў пра поспехі ў эканоміцы яго проста абуралі. Вось і выйшаў хлопец з плакатам "По 500 тут нет", каб паказаць праўдзівую сітуацыю. Пры гэтым у выканкам па электроннай пошце ён адправіў "папярэджанне", што выйдзе ў гэты дзень і час. З гэтым самым раздрукаваным лістом да яго і падыйшлі міліцыянты, калі ён з плакатам чытаў кнігу каля помніка Леніна.
Суд прысудзіў штраф у выглядзе 20 базавых - 490 рублёў.
Але і на гэтым справа не скончылася. Як распавёў нам Раман, на наступны дзень 15 мая каля 18 гадзін да яго дамоў прыйшлі міліцыянты і прад'явілі пастанову на вобшук у сувязі з заведзенай справай аб абразе нейкага чыноўніка - якога чыноўніка той мог абразіць яму не сказалі. У выніку вобшуку ў Рамана забралі кампутар, прынтар, здымны дыск і флэшку.