Беларуская апазіцыя ў асобе Нацыянальнага антыкрызіснага кіраўніцтва на чале з Паўлам Латушкам, якога ўлады ўнеслі ў «тэрарыстычны спіс», збірае доказы ўдзелу Лукашэнкі і падначаленых у выкраданні ўкраінскіх дзяцей з сем’яў на акупаваных тэрыторыях. Шматлікія факты, як кажа Латушка, сведчаць аб тым, што дзяцей прымусова вывозяць у Расею, адрываюць ад сям’і, русіфікуюць, прымушаюць адмовіцца ад украінскай культуры.
Удзел у гэтых дзеяннях прымаюць і цяперашнія ўлады Беларусі, з дапамогай сваіх прыхільнікаў яны аплочваюць знаходжанне ўкраінскіх дзяцей у асобных месцах, а таксама спрыяюць далейшаму вывазу. Латушка заявіў, што апазіцыя мае намер падаць у Гаагскі трыбунал дакументы з доказамі. Сярод фігурантаў справы — прадпрымальнік Аляксей Талай з Воршы. Вядомы паралімпіец адкрыта падтрымлівае вайну ва Украіне, расейскія войскі і Лукашэнку. Ён выступаў за разгон пратэстаў у Беларусі, рэпрэсіі супраць іншадумцаў і наведваў акупаваныя тэрыторыі Украіны, у тым ліку сустракаўся з кіраўніком расейскай акупацыйнай адміністрацыі ў Данецку Дзянісам Пушыліным.
Калі дакументы пойдуць у Гаагу, трыбунал можа выдаць ордэр на арышт Талая, і тады яго могуць арыштаваць у тых краінах, якія будуць выконваць прадпісанні Гаагскага трыбуналу. Мяркуецца, што Талай арганізаваў вываз з Украіны ў Беларусь 1050 украінскіх дзяцей.
Многія з дзяцей былі сіротамі, пасля страты бацькоў на вайне. Агулам украінскія ўлады казалі пра 1600 выкрадзеных дзяцей. У гэтай справе магла быць парушаная 4-я Жэнеўская канвенцыя, бо дзяцей нельга вывезці з іх уласнай волі, а Украіна такой згоды не давала.
Раней Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэры на арышт прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмена Расеі за выкраданне ўкраінскіх дзяцей.