У першым туры супернікам аршанцаў будзе «УУС-Дынама» з Гародні. Гэтая каманда не адносіцца да ліку фаварытаў, аднак неаднаразова паказвала сваю непадатлівасць, у тым ліку ў сустрэчах з аршанцамі.
Паядынак аршанцаў з гарадзенцамі адбудзецца ў спартовым комплексе «Алімпіец» на вуліцы Шаўчэнкі. Стартавы свісток прызначаны на 13-ю гадзіну ў суботу, 7 верасня.
З матчу будзе арганізаваная жывая трансляцыя.
Тыдзень таму аршанцы перамаглі «Сталіцу» і заваявалі Суперкубак Беларусі. Як раней адзначаў дырэктар «Вітэну» Юрый Алейнікаў, перад галоўным трэнерам аршанцаў Андрэем Чарніенкам стаіць максімальная задача. Траціну задачы ўжо выканалі — здабылі першы трафей. Цяпер трэба заваяваць золата першынства і кубак краіны.