Сакавік ужо мінулага, 2019 года быў надзвычай насычаным на падзеі, у ім здарылася, бадай, больш цікавага, чым за студзень і люты разам узятыя. Натуральна, як ні прыкра прызнаваць гэта нам, журналістам, рэдка які топ з навінаў можна скласці, не выкарыстоўваючы вестак з кепскімі навінамі. Так здарылася і ў сакавіку. Самай чытаемай навіной месяца стаў артыкул пра затрыманне ў Оршы педафіла, які да таго ж працаваў на педагагічнай працы. Таксама велізарную колькасць праглядаў сабрала і навіна пра злачынствы мінулых часоў. Перад вайной нехта ў Оршы забіў, прынамсі, 7 маладых дзяўчын. Яшчэ 4 зніклі без звестак.
У Чаромушках ужо ў наш час з вакна выпала жанчына, і гэта таксама зрабілася адной з чытаемых навінаў. Таксама ў гэтым месяцы выявіліся шакавальныя падрабязнасці забойства маладой жанчыны, якую адправілі ў іншасвет...сябры.
Вялікую цікавасць у аршанцаў выклікаў і матэрыял з выстаўленымі на продаж аб'ектамі. Некалькі пасажыраў электрацягніка Орша-Лепель і Лепель-Орша правялі некаторы час замкнёнымі ў прыбіральні. Шмат каментароў сабрала навіна пра праверку аршанца Ступніцкага, які вучыўся ў Андрэеўшчыне, а пасля паехаў ваяваць за расейскія інтарэсы і дапамагаць у акупацыі ўкраінскіх тэрыторый. А праваслаўная выстава-кірмаш у сакавіку, якая працавала ў Оршы, яўна прапагандавала сярод беларусаў Расейскую імперыю і яе каштоўнасці, знішчальныя для беларускай нацыянальнай ідэі і ўсёй нашай зямлі.
У Дняпры апынулася туша мёртвага дзіка. Гэта ў момант сабрала шмат праглядаў і рэакцый людзей. Наколькі нам вядома, дагэтуль не ўсталяваныя ўсе акалічнасці таго здарэння. А вось бабру ў цэнтры Оршы нічога не пагражала, ён проста выйшаў прагуляцца ўвечары 19 сакавіка каля млыну.
Таксама ў сакавіку Аршанскі малаказавод у яго папярэдняй форме напаткаў канчатковы крах, там пачалі рэканструкцыю на грошы "Савушкавага прадукту", якому было перададзенае прадпрыемства. З-за Лукашэнкі двойчы незапланавана спынялі дызель Орша - Магілёў.