Скульптура ў старых традыцыях, якая паказвае піянера, з’явілася ў адным з паркаў на Чаромушках. У тым жа раёне ў канцы месяца адкрылі новае аддзяленне «Еўрапошты». І там жа, побач, рабочыя завяршылі дэмантаж старых карпусоў легендарнага завода «Легмаш».
На вуліцы Шаўчэнкі машына ў двары (!) збіла дзіцёнка, на шчасце, ён выжыў. Аршанку са Швейцарыі працягваюць уціскаць у турме, у чэрвені яе пасадзілі ў карцар. Нягледзячы на сістэматычны пераслед, Наталля Хершэ так і не падпісала прашэнне на памілаванне да нелегітымнага Лукашэнкі, не прызнаўшы ніякй сваёй віны.
Больш за год цягнуліся следства і суд па справе панажоўшчыны ў «Ворша-Сіці», крымінальны аўтарытэт Муму адправіўся за краты.
На Куцеенцы легкавік заехаў у раку.
Па шэрагу прычын улады адмянілі святкавнне Дня горада, праўда, даведаліся пра гэта аршанцы толькі прыйшоўшы на святочныя мерапрыемствы.
Раніцай 12 чэрвеня Ворша і Беларусь агулам панесла вялікую страту, памёр адзін з самых легендарных спартоўцаў краіны, аршанец Ігар Жалязоўскі. Ён быў срэбраным прызёрам Алімпійскіх гульняў у нарвежскім Лілехамэры ў 1994 годзе, і, дарэчы, пад нацыянальным, гістарычным бел-чырвона-белым сцягам, які даўно і старанна аплёўваюць дзяржаўныя прапагандысты. Сам Жалязоўскі крытыкаваў Лукашэнку і выступаў за афіцыйнае вяртанне нацыянальных сімвалаў — бел-чырвона-белага сцяга і герба «Пагоня».