Ліпень запомніцца аршанцам як гарачая пара. Тут стала рэзка меней навінай пра каранавірус, паколькі інфармацыйную прастору шчодра запоўнілі палітычныя весткі. Аршанская раённая выбарчая камісія палічыла подпісы за Бабарыку і Цапкалу несапраўднымі, Міхаіл Чамурака хацеў адседзець арышт да канца, але яго не пусцілі, актывіста Уладзіміра Шаўчэнку затрымалі і асудзілі на 10 содняў.
Але намер здавацца жалезнымі ва ўлады праваліўся. Па ўсім было бачна, як хвалююцца яе прадстаўнікі, бо папулярнасць Аб'яднанага штабу Ціханоўскай, Калеснікавай і Цапкалы дасягнула высокіх паказчыкаў і ў нашым горадзе. За Курганам Славы назіралі снайперы з дахаў аднаго з дамоў на Раніцы, а ў Парку Герояў з'явіліся правакацыйныя ўлёткі супраць трох жанчын. Прычым адзін стыкер яўна намякаў на нібыта сувязі Ціханоўскай з Масквой. Забаўна, што пасля выбараў і атрымання дапамогі ад Пуціна, Лукашэнка рэзка забудзе пра "сілы Масквы", убачыўшы ў іх сяброў, а не ворагаў. Ціханоўская ж уратуецца ад расправы ў Літве, а не ў Расеі.
Украінская кампанія, якую выгналі з Балбасава, у гэтым месяцы адмяніла ўсе рэйсы ў Беларусь.
У гэтым жа месяцы знялі галоўнага лекара Оршы Аляксея Кароткага.
Адзначыўся месяц і вялікай стратай. Памёр славуты настаўнік і грамадскі дзеяч, рупліўца беларускай мовы Юрась Нагорны.
У цэнтры Оршы ў каторы раз пафарбавалі дом, але адрамантаваць яго так і не ўзяліся.