Вельмі рэзананснай падзеяй стаў напад рэцыдывіста на дзіця ў Воршы.
У сталоўцы Аршанскага мясакамбінату знішчылі ўнікальныя інтэр’еры савецкіх часоў — твор манументальнага мастацтва. Самому прадпрыемству ў чарговы раз вылучылі датацыі з дзяржаўнага бюджэту. Таксама ў сакавіку стала вядома пра знішчэнне яшчэ адной культурнай каштоўнасці — унікальнага Смалянскага млыну, які не меў аналагаў. Яшчэ з сумных навінаў мастацтва было тое, што памёр аўтар помніка Караткевічу ў Воршы Ігар Голубеў. Таксама пайшоў з жыцця ў тым месяцы і вядомы аршанскі баскетбольны трэнер Віталь Маршалаў.
На Талачыншчыне пасля даносу камуніста Петрушэнкі з сайту мясцовай газеты выдалілі публікацыю з жывымі ўспамінамі пра вайну — яны не ўкладаліся ў агульна прынятую «канцэпцыю», вядомую ад савецкіх часоў: Чырвоная Армія — выключна героі, немцы — выключна злыя забойцы. Таксама пра Талачыншчыну ў тым месяцы знайшлася ўнікальная публікацыя пра гвалтоўнае насаджэнне расейскай мовы замест беларускай 100 гадоў таму.
У Аршанскім райвыканкаме тым часам адбыліся звальненні.
Наш зямляк Сяргей Доўгушаў на эміграцыі выпусціў чарговую ўнікальную беларускую кнігу — выдаў дзіцячы спеўнік. Тым часам іншую ягоную ініцыятыву «Спеўны сход» лукашэнкаў суд прызнаў «экстрэмісцкай». Курс на русіфікацыю і знішчэнне ўсяго беларускага працягнуўся.
Школьнік захацеў абрабаваць краму «Чыгуначнік».
А ці ведалі вы, што аршанцы валодалі пансіянатам у Капенгагене? Пра гэта можна было даведацца з нашага перакладу ўнікальных успамінаў.
У віленскім музеі Тускулена правялі выставу пра расстраляных сталіністамі ў аршанскіх Кабыляках. Мы падрыхтавалі фотарэпартаж з падзеі.
У Воршы стала яшчэ меней жыхароў, а міфы пра «крымінал-сталіцу» Беларусі былі ўшчэнт разбітыя статыстыкай.