У тым месяцы, нягледзячы на пастаянны пераслед і палітычны ярлык "экстрэмістаў", наш сайт дажыў да 17-годдзя. Нават працуючы некалькі апошніх гадоў з-за мяжы, Orsha.eu засталася самым бесстароннім і рознабаковым СМІ пра Аршаншчыну і суседнія рэгіёны.
Над вёскай Бабінічы мясцовыя жыхары заўважылі незвычайны лятаючы аб’ект.
Таксама ў гэтым месяцы асудзілі банду аршанцаў, праўда, суд адбыўся ў Рэчыцы.
На самой жа Аршаншчыне замест бандытаў судзілі мірных грамадзян. Маладая маці хацела прыцягнуць увагу да праблемы горада, а прыцягнула ўвагу сілавікоў. А таксама мы разбіраліся, ці рэальна атрымаць жыллё па спісе паляпшэння жыллёвых умоваў?
У падборку найлепшых кніг пра Віцебскую вобласць, што выйшлі за 2024 год, трапілі кнігі двух аршанскіх гісторыкаў - пра Галакост і пра футбол. Да апошняй тэмы адносіўся і юбілей славутага трэнера Рувіма Аўцына, якому 24 лістапада споўнілася бы 100 гадоў. Яшчэ адзін юбілей у гэтым месяцы быў у кіраўніка «Аршанскага Маладняка» Міхаіла Ганчарыка.
Пачаліся работы на пешаходным мосце на Мясакамбінаце, іх вельмі доўга чакалі.
Таксама ў лістападзе стала вядома, што ўлады ініцыявалі новую сфабрыкаваную справу супраць блогера з Барані Змітра Казлова, і палітвязень застанецца за кратамі. У той жа момант пасля затрымання ў Воршы, расейскі забойца і гвалтаўнік выйшаў на волю.
У 53 гады загінуў былы аршанскі турэмны начальнік.