У выніку аварыі каля былога кінатэатру «Перамога» ў Воршы захраслі расейскія турысты.
У кастрычніку мы напісалі пра 80 гадоў з дня смерці вядомага бальшавіцкага рэвалюцыянера, педагога і пісьменніка Панцеляймона Лепяшынскага, які быў шчыльна звязаны з Воршай на пэўным этапе свайго жыцця. Шмат праглядаў сабраў і матэрыял пра 100-годдзе славутага мовазнаўцы Івана Лепешава — доктар беларускай філалогіі нарадзіўся на Дубровеншчыне. А ў сваім відэа на Ютубе мы адзначылі і 100-годдзе найстарэйшага футбольнага клубу Воршы — «Лакаматыва».
Статыстыка «Белстату» па выніках злачынстваў дала ясна зразумець — Аршаншчына больш не цэнтр бандытызму нават у Віцебскай вобласці, не кажучы ўжо пра цэлую Беларусь. З 23 рэгіёнаў Віцебскай вобласці наш раён заняў толькі 13-е месца. Далёка да «бандыцкага горада», ці не так?! Затое самым крымінальным рэгіёнам у Віцебскай вобласці стаў суседні з намі Дубровенскі раён. Адна з прычынаў такой сумнай статыстыкі — вялікі ўзровень беспрацоўя і нізкі — заробкаў.
Тым часам махляры ў нашым краі пачалі карыстацца палітычнымі рэпрэсіямі, якія праводзіць Лукашэнка з памагатымі. Людзей пачалі ашукваць ужо і з гэтай прычыны.
Да «Ночы расстраляных паэтаў» ініцыятыва «Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы» апублікавала свой спіс ахвяраў сталінскіх рэпрэсій у Воршы.
У канцы кастрычніка прыйшла добрая літаратурная навіна. За дзень да канца кампаніі перадзамоваў, кніга «На „Старт“ і ў „Тэмпе“» пра гісторыю аршанскага футболу перакрыла суму збораў. Выхад кнігі чакаецца ў 2025 годзе.