Год аказаўся для Воршы і ў цэлым для Беларусі і беларусаў вельмі цяжкім. Гэта і працяг нястомных палітычных рэпрэсій, і далейшая эканамічная дэградацыя. Рэдакцыя нашага парталу падводзіць вынікі году і спрабуе не ўпускаць ня толькі адмоўных, але і станоўчых падзей, якія адбыліся ў нашым жыцці за гэты 2021.
Увесь год прайшоў пад знакам перасьледу, у тым ліку незалежнай журналістыкі. Наш сайт зазнаў праблемаў ужо ў студзені, калі некалькіх чалавек выклікалі на допыты. Сілавікі працягнулі пачаты ў 2020-м ціск на галоўнага рэдактара сайту Ігара Казмерчака, якога ў выніку пазбавілі бізнэсу і неаднаразова затрымлівалі. Цярпелі і іншыя людзі, звязаныя з сайтам у мінулым ці ў цяперашнім часе. Ператрусы, допыты, званкі. Вялікая падзяка нашым чытачам, многія з якіх праявілі вялікую салідарнасць з нашай рэдакцыяй у такі няпросты час.
А на пачатку году, як мы напісалі 3 студзеня 2021, у Воршы на 40% паднялі падатак на здачу памяшкання ў арэнду. Гэта было яскравым паказчыкам таго, што дзяржаўны бюджэт пачаў губляць грошы з-за санкцый і татальнага пераследу ўсемагчымых свабодаў у краіне.
Лячэбны корпус Аршанскай паліклінікі прадалі пад вытворчасць. Гэта навіна выклікала вялікі інтарэс у нашых чытачоў. Таксама з намі засталіся верныя чытачы з суседніх з Аршаншчынай рэгіёнаў, менавіта яны актыўна чыталі навіну пра пажары ў талачынскіх крамах.
У студзені ў сеціве з’явілася цікавейшая відэаэкскурсія па вуліцы Караткевіча, дзе сам пісьменнік жыў і пісаў.
У сярэдзіне таго месяца сталі вядомыя імёны тых, хто нібыта быў «выбраны» на Усебеларускі народны сход. Насамрэч жа, у адсутнасць працуючых дэмакратычных рычагоў, наменклатура выбірала ў паездку сама сябе, цалкам ігнаруючы галасы народа.
Арыгінальную бізнэс-схему рэалізавалі аршанцы, карыстаючыся памежным знаходжаннем нашага горада. Яны займаліся махлярствам з этыкеткамі, прадаючы таннае і нізкаякаснае расейскае масла як беларускае.
Тым часам у ноч з 21 на 22 студзеня адразу неклькі раёнаў Воршы засталіся без ацяплення. Аварыю намагаліся ліквідаваць ажно 12 гадзін.
Мужчына здзяйсняў крадзяжы і месяцамі хаваўся ў лесе, там ён майстраваў сабе часовае жыллё. Але міліцыянты з Талачынскага РАУС злавілі злачынцу.