Варта пачаць агляд першага восеньскага месяца на прадмет цікавых і адметных для Аршаншчыны падзей з матэрыялу «Папугайчыкаў адкачалі», у краме на Цэнтральнай плошчы горада здарыўся пажар. Мы прадэманстравалі фотарэпартаж з месца падзей.
Ноччу 4 верасня сакрэтна перакрывалі чыгуначны рух пад Талачыном, была страляніна ці выбухі.
У верасні стала вядома, што знакаміты твор Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» больш не будуць вывучаць у школах. Улады працягнулі наступ на выбітных беларускіх творцаў.
У Вільні адбылося ўрачыстае шэсце да гадавіны Бітвы пад Воршай.
Святкавалі вялікую бітву нашых продкаў і ў іншых краінах.
Сядзібу Цюндзявіцкіх у вёсцы Галошава Талачынскага раёна вырашылі захаваць. Таксама прыемныя навіны пра ўнясенне ў адпаведны спіс з’явіліся адносна Бернардынскага манастыру ў Дуброўне.
Толькі праз чатыры месяцы ў Сянне з’явіўся новы старшыня выканкаму. Пазней мы напісалі пра яго падрабязней.
З’явілася магчымасць чытаць кнігі выбітнага аршанскага пісменніка Змітра Дзядзенкі дармова.
Пенсіянерку з інваліднасцю Вольгу Стаброўскую, якая працавала ў аршанскай друкарні, асудзілі з палітычных прычынаў за адно слова, якое міліцыянты палічылі абразлівым для Лукашэнкі.