1 кастрычніка раніцай стала вядома, што ад каранавірусу памёр вядомы бараньскі пісьменнік і журналіст Канстанцін Севярынец. Ён жыў у вёсцы Пагост, дзе настаўнічаў пасля філфаку БДУ, тут жа нараджаліся першыя старэйшыя дзеці сям’і, у тым ліку і палітык Павал Севярынец. Тут жа на Аршаншчыне ён пачынаў свой журналісцкі шлях — пісаў у бараньскай газеце, якую выдаваў мясцовы завод. Пасля сям’я пераехала ў Віцебск. На жаль, Паўла Севярынца ўлады адмовіліся адпускаць на развітанне з родным бацькам, што адбылося пры рэжыме Лукашэнкі не ўпершыню — раней палітвязняў нярэдка не адпускалі на могілкі.
5 кастрычніка споўнілася 5 гадоў, як пайшоў з жыцця Алесь Шутаў — культавая постаць для Orsha.eu — вядомы аршанскі краязнаўца, грамадскі дзеяч, заснавальнік моладзевага аб’яднання «Звяз», якое стварыла шмат ініцыятыў у Воршы.
Нашы чытачы даслалі фотаздымкі на якіх жанчына крадзе саджанец дрэва. Рэдкі крадзеж аршанцы актыўна чыталі і, відаць, абмяркоўвалі, але пераважна вусна — ужо тады моцная цэнзура, уведзеная ў краіне, ударыла па ахвоце людзей каментаваць нават такія непалітычныя навіны.
Статыстыка Белстату за 2020 год паказала, што Аршаншчына працягвае выміраць. Таксама досыць сумныя лічбы былі па Дубровеншчыне. На фоне гэтага ня ўсё так кепска было ў Талачынскім раёне.
25 кастрычніка адбылася трагедыя ў Лёзне. Там удзень загарэўся ільнозавод, які тушылі 4 гадзіны. У агні загінуў намеснік начальніка абласнога МНС Андрэй Мазоль.
Сенсацыяй месяца, на шчасце, са знакам «плюс», сталі здымкі з Берлінскага архіву. Берлінскі музей выклаў фотаздымкі, зробленыя ў нашым рэгіёне ў 1941 годзе, стала вядома, адкуль іх узялі. У аб’ектывы нямецкіх фатографаў трапілі: могілкі, Ільінская царква, фасад Трынітарскага касцёлу і іншыя яго здымкі, царква Раства Божай маці, рэшткі язычніцкай культуры.